14 красавіка – Дзень войскаў супрацьпаветранай абароны

Віншуем воінаў-зенітчыкаў і ветэранаў войскаў супрацьпаветранай абароны з прафесійным святам!

Дзень войскаў СПА ў Беларусі быў усталяваны ў 1998 годзе, аднак сваю гісторыю ён вядзе з савецкіх часоў, калі гэтае свята заснавалі ў 1975 годзе. Пасля здабыцця краінай незалежнасці ў 1992 годзе былі сфармаваныя нацыянальныя войскі СПА, а ў 2001 годзе яны ўліліся ў склад адзінага віду Узброеных сіл – ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Сёння на ўзбраенні беларускіх зенітчыкаў стаяць сучасныя зенітныя ракетныя комплексы і аўтаматызаваныя сістэмы кіравання новага пакалення айчыннай вытворчасці, а таксама мадэрнізаваныя знішчальнікі МіГ-29 і Су-30. Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Аб’яднанай сістэмы СПА краін СНД, сумесна з Расіяй нашы разлікі нясуць баявое дзяжурства. Зенітна-ракетныя і радыётэхнічныя злучэнні і часткі суверэннай Беларусі, якiя арганізацыйна ўваходзяць у ВПС і войскі СПА, аснашчаны сучаснай і эфектыўнай зенітнай ракетнай і радыёлакацыйнай тэхнікай, здольнай выяўляць і знішчаць існуючыя сродкі паветранага нападу ў шырокім дыяпазоне вышынь і хуткасцяў, днём і ноччу, у розных метэаўмовах.

ВПС і войскі СПА Рэспублікі Беларусь надзейна забяспечваюць недатыкальнасць паветраных рубяжоў Айчыны, дэманструючы высокі прафесіяналізм, зладжанасць і ўменне дзейнічаць у складаных умовах.

У гэты святочны дзень прыміце словы шчырай падзякі за вашу самаадданую ратную працу! Жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту, чыстага неба і новых поспехаў на карысць Айчыны!