ААТ «КБ Радар» прыняло ўдзел у аднаўленні лесу

23 кастрычніка 2025 года работнікі ААТ «КБ Радар» – кіруючая кампанія холдынгу «Сістэмы радыёлакацыі» далучыліся да добраахвотнай грамадскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!», накіраванай на захаванне і прымнажэнне ляснога багацця нашай краіны.

Натхнёныя ідэяй аднавіць лясы, якiя пацярпелi пасля стыхіі, работнікі ААТ «КБ Радар» высадзілі 7 000 саджанцаў хвоі звычайнай, бярозы павіслай на плошчы 2,6 гектара ў Слабадскім доследна-вытворчым лясніцтве дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Уздзенскі лясгас».

Традыцыйная добраахвотная ініцыятыва з’яўляецца важным крокам у справе аднаўлення лясных масіваў. Яна сімвалізуе адзінства нашага народа і, у чарговы раз даказвае, што захаванне прыроды – гэта калектыўная адказнасць. Сёлета ініцыятыва прымеркавана да Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Кожны саджанец, пасаджаны рукамі работнікаў Таварыства, стаў сімвалам адказнасці і клопату пра будучыню беларускай прыроды.