Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»

21 снежня 2022 года, у рамках правядзення мерапрыемства, якое арганізуецца па рашэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (у адпаведнасцi з Пастановай Савета Міністраў ад 15 верасня 2022 года № 614 «Аб правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»), для выхаванцаў установы аховы здароўя «Віцебскі абласны спецыялізаваны дом дзіцяці» быў арганізаваны навагодні ранішнік.

Падчас свята прысутнічалі памочнік дырэктара і старшыня прафкама першаснай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «КБ Радар» – кіруючая кампанія холдынгу «Сістэмы радыёлакацыі». Ад першаснай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «КБ Радар» быў уручаны сертыфікат на перадачу кандыцыянера УАЗ «Віцебскі абласны спецыялізаваны дом дзіцяці».

Усіх прысутных чакалі Навагоднія прыгоды. Для 30 дзетак ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў гэта была першая навагодняя ёлка ў іх жыцці, з сапраўдным Дзедам Марозам і Снягуркай. Музычнае прадстаўленне перанесла ўсіх у свет казкі. Выдатныя касцюмы і гульня артыстаў (яны ж працаўнікі Дома дзіцяці) стварылі добры настрой і адчуванне сапраўднага казачнага чараўніцтва.

Галоўны ўрач Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці Мізеркіна Я.Г. ад калектыву ўстановы выказала ўдзячнасць за плённае супрацоўніцтва, за своечасовую дабрачынную дапамогу дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і падзякавала за чуласць, здольнасць суперажываць, уменне і жаданне падтрымаць тых, хто ў гэтым мае патрэбу.