Дзень беларускага кіно

17 снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага кіно. Гэта прафесійнае свята рэспубліканскіх кінематаграфістаў было ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта ў 1994 годзе.

Дата для свята абрана не выпадкова. Менавіта 17 снежня 1924 года выйшла пастанова Савета Народных камісараў “Аб кінавытворчасці ў БССР”. У той жа дзень пры Наркамасветы было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі — «Белдзяржкіно». Былі зняты першыя хранікальныя кадры аб падзеях тых гадоў.

У 1926 годзе беларускія гледачы ўбачылі першы айчынны «баявік» – «Лясная быль» Юрыя Тарыча, паводле аповесці Міхася Чарота «Свінапас».

Юрый Віктаравіч Тарыч (1885—1967) і Уладзімір Уладзіміравіч Корш-Саблін (1900—1974) лічацца заснавальнікамі беларускага кіно. Яны назаўжды ўвайшлі ў гісторыю беларускага кіно, як першыя айчынныя сцэнарысты і рэжысёры.

Беларускі кінематограф падарыў гледачам нямала добрых карцін. Рэспубліка па праве ганарыцца многімі пакаленнямі выдатных рэжысёраў, акцёраў, мастакоў і аператараў. Менавіта іх працай і талентам створаны залаты фонд нацыянальнага кіно.